ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.
Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-м. В.М.Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)